Автобусная экскурсия-поездка «ДОРОГАМИ ПОЛЕСЬЯ»

2018 год – Год малой радзімы

ПА РОДНЫМ КРАІ

 

Вельмі цікавае падарожжа было арганізавана на прошлым тыдні для вялікай групы навучэнцаў прафесійнага ліцэя будаўнікоў.

Ужо самы пачатак падарожжа быў не зусім звычайным. Увагу навучэнцаў прыцягнулі краявіды родных мясцін, здавалася б такія знаёмыя. У той дзень яны былі нейкімі асаблівымі: усюды ў пазалоце дрэвы і кусты, прыгажэйшым стаў колер травы, усыпанай рознакаляровай лістотай. А галоўнае, Ясельда… Хораша было глядзець на такую прыгожую раку, на яе імклівую плынь не толькі каля вёскі Ставок, але і ў Мерчыцах, Парэччы і нават у Моталі.

Праехалі праз два раёны. За вокнамі прабягалі палі і разлогі, лясы і паляны, аграгарадкі і маленькія вёсачкі. Вось і Рудка, а тут на самым аўтобусным прыпынку будынак хаты, дзе калісьці жыла вядомая паэтка Яўгенія Янішчыц. Скончыўшы сямігодку ў Мерчыцах, яна прадоўжыла вучобу ў Парэцкай сярэдняй школе, пасля якой паступіла ў БДУ імя Леніна. Жэня паехала вучыцца ў сталіцу, але ні на хвіліну не забывалася пра сваю малую радзіму, прысвячала ёй вершы, а таксама маці, сябрам, роднай Ясельдзе, дарагім настаўнікам і нават суседзям.

“Пачынаецца ўсё з любві, а інакш і жыць немагчыма”, – пісала наша зямлячка ў адным з самых вядомых вершаў. Гэта сапраўды так, з любові да роднага краю, роднага слова, роднай школы…

“Прыедзь у край мой ціхі” нібы запрашае ў госці паэтэса. І вось у прыгожы восеньскі дзень апынуліся мы ў літаратурным музеі Я.Янішчыц ў в.Парэчча. Гасцінна сустрэла нас яго гаспадыня – Антаніна Паўлаўна Сідарук. З вялікім задавальненнем слухалі яе будучыя будаўнікі. Змястоўны аповед атрымаўся пра жыццёвы і творчы шлях нашай знакамітай зямлячкі, а мы з цікавасцю разглядалі экспанаты музея, мелі магчымасць дакрануцца і да яе асабістых рэчаў.

Можна было заслухацца, як Антаніна Паўлаўна чытала на памяць вершы Я.Янішчыц. З замілаваннем услухоўваліся юнакі і дзяўчаты ў кожны вершаваны радок, які меладычна гучаў з вуснаў А.П.Сідарук. З душой, неяк па-асабліваму цёпла чытала яна вершы паэткі, прысвечаныя роднаму краю.

Падзякаваўшы Антаніну Паўлаўну за цудоўны, насычаны момант сустрэчы, наша група пайшла ў вясковы шматвекавы парк, у якім ёсць цюльпанавае дрэва – амаль адзінае ў свеце.

Пасля Парэчча накіраваліся ў суседні Іванаўскі раён, дзе наша вандроўка  імела працяг. Спачатку мы наведалі музей вядомага класіка Ф.М.Дастаеўскага ў Дастоеўскай СШ, якая, дарэчы, носіць яго імя.

Завяршальным акордам нашага падарожжа быў Моталь, а дакладней кажучы Музей народных рамёстваў. Было асабліва цікава дзяўчынкам, таму што супрацоўнікі музея пазнаёмілі нас не толькі з гісторыяй вёскі, яе звычаямі і традыцыямі, але і з абрадам выпечкі вясельнага мотальскага каравая. А гэта не так і проста… Гучалі народныя песні, ладзіліся гульні. Выпечаным караваем з салодкай гарбатай пачаставалі маталяне ўсіх прысутных. Усім пачастунак прыйшоўся даспадобы. Падсілкаваўшыся на зваротны шлях, навучэнцы ўсю дарогу назад спявалі песні пра радзіму, маці, каханне.

Атрымалася не толькі займальная, але і вельмі карысная вандроўка. Яна мела не толькі пазнавальны характар. Не менш значным быў яе выхаваўчы патэнцыял. Гэта былі важныя жыццёвыя ўрокі: урок патрыятызму і ўрок любові да сваіх родных мясцін.

 

 

Добавить комментарий