Тыдзень роднай мовы “Як ты дорага мне, родная мова”

      З 19 верасня ў “Пінскім дзяржаўным каледжы будаўнікоў”  праходзіў тыдзень роднай мовы “Як ты дорага мне, мая родная мова!”. Мэта праведзеных мерапрыемстваў – прыцягнуць увагу да роднага слова, падкрэсліць неабходнасць павагі да беларускай мовы ў сучаснай камунікатыўнай прасторы, павысіць матывацыю да культуры маўленчай дзейнасці, выхаваць у навучэнцаў паважлівае і адказнае стаўленне да гісторыі беларускага народа, сфарміраваць усведамленне непарыўнай сувязі гісторыі і сучаснасці нашай краіны.

      Навучэнцам былі прапанаваны цікавыя мерапрыемствы і яны ахвотна прымалі ў іх удзел.

      У бібліятэцы каледжа супрацоўнікі аформілі тэматычную выставу, якая адлюстроўвае пытанні сучаснай беларускай літаратурнай мовы, а таксама выставу “Сэрцам роднага слова краніся”.

       У панядзелак, 19 верасня, першакурснікі прынялі актыўны ўдзел у акцыі “Прывітайся  са мной па-беларуску”. Акцэнт быў зроблены на беларускамоўныя звароты ветлівасці.

       Цікавасць і разумны азарт выклікала стварэнне інтэрактыўнага воблака слоў “Упрыгож слова.”

    У аўторак, 20 верасня, навучэнцы наведалі музей Якуба Коласа ў вёсцы Пінкавічы. Падчас экскурсіі па зале “Якуб Колас – прырода і людзі краю” навучэнцы даведаліся, што звязвала славутага беларускага пісьменніка і паэта з Палессем.

 

      У сераду навучэнцы паўдзельнічалі ў літаратурнай гасцёўні “І сёння з намі Колас і Купала” – мерапрыемства правялі выкладчык беларускай мовы і літаратуры Казіцкая А.Ю. і бібліятэкар Садоўская А.М.

       22 верасня адбылося  сапраўднае свята з беларускімі песнямі, вершамі, паданнямі пад назвай “Жыві, мая родная мова”. Будучыя будаўнікі паказалі свой талент і цудоўнае валоданне мовай.

       У пятніцу 23 верасня ў каледжы прайшоў гастранамічны фэст “Беларуская кухня”: навучэнцы праслухалі “самы смачны” ўрывак з рамана Ніла Гілевіча “Родныя дзеці”, успомнілі беларускія нацыянальныя стравы і рэцэпты іх прыгатавання. Пазней падвялі вынікі: вызначылі лепшыя малюнкі і красворды па творах беларускіх пісьменнікаў.

           У выніку праведзеных мерапрыемстваў былі адзначаны лепшыя ўдзельнікі.

Адказныя: Выкладчык беларускай мовы і літаратуры – Казіцкая Ала Юр’еўна, бібліятэкар – Садоўская Алена Мікалаеўна

 

Добавить комментарий